Версия для слабовидящих Версия для
слабовидящих
Перевести ru

Спектакль «ХАТЫНЯ»: пастфактум.

1«Тая цішыня, што запанавала ў зале напрыканцы спектакля, здавалася, будзе бясконцай. Гэта была цішыня-смутак, цішыня-боль, цішыня-памяць, цішыня-ўсведамленне таго, што такое ніколі больш не павіннна паўтарыцца, цішыня-абавязак кожнага берагчы мір і спакой на нашай зямлі. … Адначасна менавіта яна, цішыня, а не гучныя апладысменты, стала знакам ўдзячнасці акцёрам за іх майстэрства і прафесіяналізм. З цяжкасцю ўсведамляю, як такое можна было сыграць…»

27 сакавіка, у Сусветны дзень тэатра, навучэнцы і выкладчыкі каледжа паглядзелі спектакль «Хатыня» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі ў рэжысёрскім бачанні Аляксандра Бародзькі. Так ў нашым горадзе займеў працяг праект «Код памяці: ад сэрца да сэрца», арганізаваны па ініцыятыве тэатра яшчэ ў кастрычніку 2024 года, каб шляхам судотыку гісторыі і тэатральнага мастацтва нагадаць аб трагічных падзеях Вялікай Айчыннай вайны, пазнаёміць гледачоў з маладым пакаленнем акцёраў, якія вызначаюцца сваім прафесіяналізмам і самаадданасцю, выдатна ўзаемадзейнічаюць з публікай і робяць гледачоў непасрэднымі ўдзельнікамі таго, што адбываецца на сцэне.

Асновай для спектакля, які зладзілі мінскія акцёры на памосце Палаца культуры г.Маладзечна, стала аповесць Алены Кобец-Філімонавай «Жаваранкі над Хатынню». Пастаноўка распавядае пра людзей, якія прадчувалі бяду. Людзей, якія жылі ў няведанні, разгубленасці, бяссіллі. Людзей, перад якімі кожны дзень паўставаў адзін і той жа выбар, які па сваёй сутнасці быў выбарам без выбару. Людзей вёскі Хатыня - менавіта так сваю вёску называлі мясцовыя жыхары.

Што мы ведаем пра іх? Якімі яны былі, як жылі, як ставіліся адзін да аднаго, да наваколля, што адчувалі напярэдадні трагедыі, аб чым думалі, гутарылі, з чым прачыналіся і засыналі? Калі б яны маглі нам нешта сказаць… То што б гэта было?

Водгукі навучэнцаў аб спектаклі.

«Хатыня» – гэта не проста тэатральная пастаноўка, гэта пранізлівы крык болю, застылы ў часе. Ён прымушае здрыгануцца ад жаху, ад усведамлення маштабу трагедыі, якая адбылася на беларускай зямлі ў гады мінулай вайны. Гэта не забаўляльнае відовішча, а цяжкае суперажыванне, якое пакідае глыбокі след у сэрцы кожнага гледача.

Акцёры, без перабольшання, не іграюць, а жывуць жыццём хатынскіх жыхароў. У іх вачах – страх, адчай, надзея, якія змяняюцца жахам усведамлення немінучай гібелі. Яны – голас тых, хто быў па-зверску знішчаны, - нагадваюць нам пра кошт міру і далікатнасць чалавечага жыцця. (Ягор Х.)

Спектакль спадабаўся, уразіў. Якая непамерна вялізная колькасць тых, хто быў закатаваны ў палаючых беларускіх весках! (Павел І.)

Як тонка акцёры змаглі перадаць трагедыю хатынцаў! Як бязлітасна абыходзіліся карнікі з людзьмі, як палілі іх у сваіх жа хатах… Хачу верыць, што ў нас, у Беларусі, такога больш ніколі не будзе. (Арцём Б)

Акцеры “ўжыліся” ў свае ролі, цалкам перадалі адчуванне жаху і смутку нявінных ахвяр фашысцкіх злачынстваў. (Максім Б)

Спектакль прабраў да дробных мурашоў: відовішча на сцэне было надзвычай рэалістычным! Ігра акцёраў, безумоўна, прафесійная і заслугоўвае самай высокай ацэнкі. (Радзівон М.)

Уражаннямі аб прагледжаным
спектаклі дзяліліся А.П. Галгоўская
і навучэнцы групы 15-Э

Счетчик сайта

Free business joomla templates