![]()  | 
 Радасна і дзўна, што ён – не легенда, не гістарычнае штосьці, а чалавек, які зусім паблізу жыў, памёр і пахаваны тут вось… І здзіўленне, і недаўменне, і пашана да таго, хто І славы не было, а толькі адчуванне абавязку. Я.Брыль  | 
Таленавіты паэт, празаік, байкапісец, публіцыст, заснавальнік крытычнага рэалізму ў беларускай літаратуры, абаронца прыгнечаных і абяздоленых… Для Францішка Багушэвіча 2025 год юбілейны: 185 вёснаў мінула з дня яго нараджэння. Бязлітасны час захаваў нам вельмі мала звестак пра выбітнога земляка, бо лёс, шчыра кажучы, не быў асабліва спагадлівым да яго. Але калі хочаш лепш зразумець паэта, варта пабываць на яго радзіме. Гэтая слушная парада змусіла выбрацца ў дарогу навучэнцаў нашага каледжа. Разам з выкладчыкамі А.П. Галгоўскай і І.У. Пасцернак шлях зацікаўленых першакурснікаў з груп 28-МП, 26-ТМ, 31-БІЯ, 61-БІЯ ляжаў у Кушляны, што на Ашмяншчыне, дзе прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады Францішка Багушэвіча, адбылося станаўленне яго як асобы, куды потым ён вярнуўся з суровых жыццёвых вандраванняў, каб жыць, працаваць сярод простых людзей і знайсці на роднай зямельцы вечны спачын.
Тут, у Кушлянах, захавалася хата паэта 1896 года пабудовы, у якой экспануюцца рэчы, што праменяць Багушэвічавай энергетыкай; каменная абора, у якой месціцца выстава прылад працы і прадметаў побыту беларускага сялянства канца XIX і пачатку XX стагоддзя; захаваўся стары парк, у якім ёсць пасаджаныя яшчэ дзедам Ф. Багушэвіча дрэвы; алея, што вядзе на Лысую гару, у канцы якой, на невялікай палянцы пад узгоркам, спрадвеку ляжыць замшэлы камень-валун: паэт часта наведваў гэтае месца, калі меў намер сам-насам паразважаць аб жыцці-быцці.
Тут, на радзіме паэта, у ходзе экскурсіі Алена Чаславаўна Ермалаева, загадчык філіяла, даводзіла сцішаным навучэнцам:
 - Калі, дзе і на якой мове пачаў паэтычную творчасць Ф.Багушэвіч, дакладна невядома. Хутчэй за ўсё паэт пачаў пісаць у гады бадзяння на чужыне, у вольныя ад працы хвіліны пісаў па-беларуску лірычныя вершы, байкі, якія гінулі ў прыватных архівах сяброў. Ад першых твораў да першага зборніка – прорва часу, больш дваццаці гадоў…
“Марудна, вельмі марудна пішуцца песні…” – скардзіўся Ф. Багушэвіч свайму сябру Я. Карловічу. І для такіх скаргаў былі сур’ёзныя падставы. Багушэвіч не мог цалкам аддавацца любімай справе – літаратурнай дзейнасці. Час адбіралі праца ў судзе, клопаты аб сям’і. Пісанне беларускіх вершаў не толькі не прыносіла якіх-небудзь матэрыяльных выгод, а, наадварот, патрабавала грашовых затрат і вялікіх турбот на іх выданне
Першы зборнік паэта “Дудка беларуская” (1891), выдадзены ад імя Мацея Бурачка, стаў сапраўдным мастацка-публіцыстычны маніфестам, якраз з выхаду якога пачалася эпоха нашага нацыянальнага і культурнага адраджэння. Неўміручыя радкі з прадмовы да зборніка “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!” сёння вядомы кожнаму. Як сапраўдны патрыёт роднай Беларусі, Ф.Багушэвіч самааддана і шчыра служыў свайму народу, клікаў уздымаць і развіваць беларускую нацыянальную культуру. Цяжкую задачу ён паставіў перад сабой, не маючы ні адпаведных узораў, ні дастатковых крыніц. Засталося яму адно: чэрпаць поўнай жменяй з адной крыніцы – з народных вуснаў і здабытае адпаведна апрацоўваць. Само жыццё, празаічнае, грубае, неэстэтычнае, ён робіць мастацтвам…
На развітанне экскурсавод усхваліва пільную ўвагу юных слухачоў да асобы паэта, пажадала ім не губляць цікавасці да роднага слова, імкнуцца размаўляць па-беларуску, шанаваць нацыянальную культуру і ганарыцца ёй.
Матэрыял падрыхтавала А.П. Галгоўская,
 выкладчык беларускай мовы і літаратуры
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

